14.09.2024

    Сёння цэнтр Шчучына на адзін дзень ператварыўся ў яркую і шумную святочную пляцоўку -- з музыкай, фотазонамі і пачастункамі. Дзень горада і раённае свята "Дажынкі-2024" адзначаюць жыхары і госці раённага цэнтра.

    На ўрачыстае мерапрыемства на плошчы Свабоды сабраліся кіраўніцтва раёна, дэлегацыі з сельгаспрадпрыемстваў, прадстаўнікі працоўных калектываў раёна, грамадскіх арганізацый, ветэраны і моладзь. Прысутныя гучнымі апладысментамі вітаюць ганаровых гасцей свята – старшыню Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Алену Пасюта, дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Надзею Хальцову, Ганаровых грамадзян горада Шчучына  Валяр’яна Жоля і Сяргея Ушкевіча, былых кіраўнікоў раёна Івана Сакалоўскага і Аляксандра Васько.

                

Дзяўчына ў нацыянальным строі ўручае старшыні райвыканкама Аляксею Садоўскаму каравай: няхай у нашым цудоўным краі заўжды будзе хлебна! Аляксей Валянцінавіч з цеплынёй і натхненнем віншуе ўсіх з Днём горада і “Дажынкамі-2024”.

-- Дзень горада -- гэта свята многіх пакаленняў шчучынцаў, чыёй працай горад мяняўся, хто будуе яго будучыню, і тых, каму яшчэ толькі прадстаіць пераняць эстафету адказнасці за лёс сваёй малой радзімы. Сёння наш горад -- раённы цэнтр са сваім каларытам, развітой інфраструктурай, сацыяльнай сферай, сельскай гаспадаркай і прамысловасцю. Гэта горад з асаблівай душэўнай атмасферай, у якім хочацца жыць, вучыцца, працаваць і выхоўваць дзяцей. Усё гэта стала рэальнасцю толькі таму, што ў нас заўсёды жылі і жывуць цудоўныя людзі – сапраўдныя патрыёты малой радзімы і сваёй краіны, якія любяць і ўмеюць працаваць, шануюць мір і спакой, людзі, якія сваімі рукамі стварылі нашу цудоўную Шчучыншчыну, -- адзначыў Аляксей Валянцінавіч. -- Хлебаробы Шчучыншчыны ўнеслі важкі ўклад у агульнарэспубліканскі каравай і ў чарговы раз пацвердзілі рэпутацыю высокаразвітага аграрнага раёна. Менавіта таму мы прымеркавалі раённыя “Дажынкі” да такой знакавай для Шчучына даты. Ад усёй душы жадаю шчучынцам поспехаў, моцнага здароўя, дабрабыту і новых здзяйсненняў. Няхай вынікі вашай працы заўсёды будуць прадметам гонару для будучых пакаленняў жыхароў нашага любімага шчучынскага краю!

Падчас цырымоніі ўзнагароджання лепшыя працаўнікі раёна, паднімаючыся на сцэну, атрымалі з рук Аляксея Валянцінавіча і старшыні раённага Савета дэпутатаў Ганны Хвядзюк Ганаровыя граматы і Падзячныя лісты. Падзякамі райвыканкама і раённага Савета дэпутатаў таксама былі адзначаны калектывы-юбіляры 2024 года – Шчучынскі лясгас і СШ № 1 г. Шчучына.

    

                    

У гэты дзень у Кнігу славы Шчучынскага раёна было ўнесена імя Івана Юльянавіча Сакалоўскага – былога старшыні раённага Савета дэпутатаў. Пасведчанне і падарунак яму ўручылі кіраўнікі раёна. У сваю чаргу Іван Юльянавіч звярнуўся да ўдзельнікаў урачыстых мерапрыемстваў:

-- У Дзень нараджэння горада шчыра жадаю ўсім моцнага здароўя, поспехаў, новых працоўных здзяйсненняў. Няхай у кожнай сям'і пануюць мір і любоў, а кожны новы дзень прыносіць усім толькі радасць, добры настрой і ўпэўненасць у будучыні. Шчасця, дабра і працвітання нашаму любімаму гораду і ўсім яго жыхарам!

 

Віншаванні з нагоды Дня горада і “Дажынак” шчучынцам адрасавала старшыня Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Алена Пасюта:

-- Паважаныя жыхары і госці Шчучына! У гэты дзень кожны з нас адчувае сапраўдны гонар за тое, што жыве ў такім цудоўным горадзе, з яго ўнікальнымі традыцыямі і сучаснымі дасягненнямі, з яго цеплынёй і гасціннасцю. Дзень нараджэння горада -- гэта свята, якое аб'ядноўвае ўсіх гараджан незалежна ад узросту, нацыянальнасці, веравызнання і прафесіі. Галоўнае багацце нашага горада -- яго жыхары, якія аддаюць свае сілы, талент і веды дзеля яго росквіту, шчыра любячыя сваю малую радзіму. Дарагія землякі! Дзякуй вам за працу, адданасць нашаму гораду і роднай зямлі. Уборачная кампанія гэтага года была праведзена адказна і арганізавана. Безумоўна, значны ўклад быў унесены шчучынскімі хлебаробамі ў агульны каравай Гродзеншчыны. Дзякуючы вам, героі жніва, на нашых сталах будзе якасны хлеб новага ўраджаю.

Алена Васільеўна ўручыла заслужаныя ўзнагароды. Ганаровай граматай абласнога Савета дэпутатаў адзначаны калектыў Шчучынскай раённай газеты “Дзянніца”, які ў гэтыя дні адзначае свой 85-гадовы юбілей. Ганаровай граматай аблсавета ўзнагароджаны рэдактар тэхнічны раённай газеты Тарэса Гайдукевіч, галоўны інжынер ААТ “Дэмбрава” Дзмітрый Ёдчык, галоўны аграном КСУП “Саўгас “Вялікае Мажэйкава” Яўгеній Каціла і старшыня раённай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў АПК Генрых Юрэвіч.

  

З Днём горада і працоўнымі дасягненнямі шчучынцаў павіншавала і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Надзея Хальцова, якая пажадала міру, стабільнасці і дабрабыту.

Шчодрай восеньскай парой, калі сабраны і засыпаны ў засекі багаты ўраджай беларускіх палёў ды зроблены добры зачын на год будучы, адзначаюць хлебаробы сваё галоўнае свята – “Дажынкі”. Шчучыншчына з гонарам  завяршыла жніво каласавых.

Глыбокую ўдзячнасць за адданасць сельскагаспадарчай справе, клапатлівае і беражлівае вядзенне работ на роднай зямлі выказаў усім хлебаробам раёна першы намеснік старшыні -- начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Ігар Аверка:

-- Каб паспець убраць ураджай без страт, аграрыі раёна працавалі з раніцы да позняга вечара. У выніку хлебаробы Шчучыншчыны на жніве збожжавых і зернебабовых культур намалацілі каля 129 тысяч тон збожжа. Сярэдняя ўраджайнасць склала 57,3 цэнтнера з гектара. Сёлета парадаваў аграрыяў Шчучыншчыны азімы рапс. У бункернай вазе сабрана 27,5 тыс. тон алейнага семя. Ураджайнасць вышэйшая за леташнюю і склала 44,4 ц/га.

     

                   

 

Цэнтральным момантам свята стала цырымонія ўзнагароджання пераможцаў раённага спаборніцтва за дасягненне высокіх паказчыкаў у сельскагаспадарчай галіне. Пераможцамі спаборніцтва на ўборцы ўраджаю збожжавых і зернебабовых культур у 2024 годзе сталі працоўныя калектывы ААТ «Дэмбрава, ААТ “Васілішкі” і СВУ «Пратасаўшчына». Святочныя фанфары гучалі на “Дажынках” не толькі ў адрас цэлых калектываў, але і асобных працаўнікоў, чыя работа сапраўды была ўдарнай.

   

Увогуле ў гэты дзень было мноства віншаванняў,  падарункаў, грашовых узнагароджанняў і, безумоўна, Ганаровых грамат. Сваімі ўзнагародамі аграрыяў раёна ўшанавалі раённае аб’яднанне прафсаюзаў, прафсаюз работнікаў аграпрамысловага комплексу, грамадскія арганізацыі “Белая Русь”, БРСМ і БСЖ. Іх кіраўнікі Юрый Пашук, Генрых Юрэвіч, Дзмітрый Чывіль і Святлана Шанчук з задавальненнем выканалі пачэсную місію, паціскаючы працавітыя рукі землякоў.

          

Неўзабаве журы абвясціла і вынікі традыцыйнага для “Дажынак” конкурсу на лепшы падворак, духмяны каравай і найпрыгажэйшы сноп. Першае месца журы прысудзіла падворку ААТ “Васілішкі”. Пераможцамі сталі і каравайніцы з ААТ “Шчучынаграпрадукт”. Самы лепшы сноп атрымаўся ў саўгасе “Вялікае Мажэйкава”. Хоць, шчыра кажучы, было так цяжка вызначыць лепшых, бо кожная гаспадарка праявіла столькі майстэрства, творчасці, любові, рыхтуючыся да гэтых конкурсаў. І атрымалася цудоўнае свята Хлеба.

Выдатным падарункам для ўсіх прысутных стаў яркі і эмацыянальны канцэрт гурта "Дразды" -- аднаго з вядомых беларускіх гуртоў, які пакарыў сэрцы простых людзей. Прыезд калектыву стаў доўгачаканым для многіх прыхільнікаў іх творчасці са Шчучынскага раёна.

        

      

Сяргей КАСПЯРЧУК.

Фота аўтара і Дзіяны КЕЙКА.

Новости республики, региона и района

Новости Беларуси|БелТА
БЕЛАРУСЬ СЕГОДНЯ
Гродненская правда
Щучинская районная газета Дзянница

Поиск по сайту