14.09.2024

   З самага ранку Шчучын напоўніўся стракатымі фарбамі і вясёлымі мелодыямі. Адразу некалькі ўрачыстасцей прыпалі на 14 верасня: сёння мы адзначаем Дзень горада і раённыя “Дажынкі-2024”. А насустрач імчыць і яшчэ адна знакавая падзея: 17 верасня – 85-годдзе ўз’яднання Беларусі, калі заходняя частка рэспублікі далучылася да БССР, і мы адзначаем гэту дату як Дзень народнага адзінства. Вось і атрымліваецца тройчы памножаная радасць, узведзены ў куб гонар за сваю родную краіну, любую сэрцу Шчучыншчыну!

Менавіта такім духам пранікнута атмасфера на ўсіх дзевяці вясковых падворках, якія дэманструюць дабрабыт і багацце аграпрадпрыемстваў Шчучыншчыны, важкія каласы хлебнай нівы і шчодрыя дары матухны-прыроды. Да чаго ж цікава прайсціся па гэтым каларытным квартале, дзе ўсё квітнее і пахне, гамоніць і смяецца, пяе і танцуе! Самы час прывітацца і пагутарыць з гасціннымі гаспадарамі, палюбавацца яркімі дэкарацыямі.

 

– Сфатаграфуйце, якія пачастункі прыгатавалі для гасцей нашы гаспадынькі, а народны ансамбль “Сябрына” прывёз свае лепшыя песні. Мы грунтоўна падрыхтаваліся да свята! – жартуе дырэктар “Жалудоцкага агракомплексу” Станіслаў Гузень.

Дарэчы, на падворках наведвальнікам прапаноўвалі ўсё самае цікавае і самабытнае, што ёсць у гэтым краі.

  

А што ў вас самае ўнікальнае? – звяртаюся да гаспадароў орлеўскай сядзібы.

– Канешне, гэта нашы людзі! – адказвае за ўсіх кіраўнік ААТ “Орля” Віктар Мінько. – У нашай дэлегацыі, якая прыбыла на свята, героі хлебнай нівы, лепшыя працаўнікі гаспадаркі, дзеткі нашых работнікаў, таленавітыя і творчыя людзі, што і справу сваю добра ведаюць, і са звонкай песняй адпачываць умеюць.

 

Нібы ў пацвярджэнне гэтых слоў, з глыбінь душы льецца чарговая мелодыя.

А да чаго ж гасцінны і прывабны падворак у першамайцаў! Кажуць, на палях ААТ “Першамайск-агра” сёлета асабліва ўрадзіла царыца палёў.

– Вось таму наша спадарыня Кукуруза не паленавалася – у модную сукенку прыбралася і на дажынкі ў Шчучын сабралася! – сыплюць жанкі вясёлымі частушкамі і паказваюць роставую ляльку з пачаткаў кукурузы. А яшчэ наперабой расказваюць, як раскруцілі свой першамайскі  брэнд – настойкі на каранях, на лісічках, з малінай ды брусніцамі!

     

Увогуле такое ўражанне, што на ўсіх падворках смех, жарты, песні, прысмакі ды рагатуха з квасам!

Дэкорам сялібы ў астрынчан паслужыла вясковая печ з каўбасамі, дзе дзядуля з бабуляй ведаюць усе рэцэпты народнай кухні. А яшчэ тут ганарацца прыгожай фотазонай з сімваламі Беларусі і запрашаюць усіх зрабіць здымак на добрую памяць.

      

На сялібе саўгаса “Вялікае Мажэйкава” – выстава лекавых траў, арыгінальная кампазіцыя з гародніны, калодзеж з кукурузы… Не-е-е, пра ўсё не раскажаш. Гэта трэба бачыць! Так што гайда на святочную плошчу ў Шчучын, дзе “Дажынкі” набіраюць абароты!

У межах свята праходзіць і конкурс караваяў. На славу пастараліся нашы каравайніцы. Выпечаныя імі творы мастацтва (паверце, іначай іх не назавеш!) занялі пачэснае месца на выставачных стэлажах. А месціцца ўся гэта прыгажосць ля галоўнай сцэны, акурат ля велічнага карабля – камбайна айчыннай вытворчасці, што сёлета намалаціў багаты ўраджай зерня.

     

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.

Фота аўтара.

Новости республики, региона и района

Новости Беларуси|БелТА
БЕЛАРУСЬ СЕГОДНЯ
Гродненская правда
Щучинская районная газета Дзянница

Поиск по сайту