28.06.2024

    Дбайны гаспадар рыхтуе летам не толькі сані, але і корм для жывёлы. Зараз у Шчучынскім раёне працягваецца ўборка траў другога ўкосу. Аграрыі стараюцца нарыхтаваць дастаткова зялёнай масы, каб цалкам забяспечыць патрэбы пагалоўя буйной рагатай жывёлы. Актыўная ўборка траў зараз праходзіць у КСУП “Саўгас “Вялікае Мажэйкава”. У гэтым годзе мясцовыя аграрыі плануюць нарыхтаваць 16000 тон сенажу, 24000 тон сіласу і 700 тон сена. Нарыхтоўка кармоў ідзе згодна з планам, аднак надвор’е ўсё ж уносіць свае карэктывы, адзначае дырэктар КСУП “Саўгас “Вялікае Мажэйкава” Пётр Роўба: 

– Травы першага ўкосу ў сувязі з замаразкамі і працяглай засухай былі не такімі добрымі, як летась. Зараз у нас на палях працуе корманарыхтоўчае звяно, 6 адзінак тэхнікі на адвозцы і 2 здрабняльнікі. Як толькі скосім люцэрну, пачнем нарыхтоўку зернесенажу з аднагадовых траў. Імкнемся забяспечыць наш дойны статак якаснымі кармамі. У якасці сенажу робім стаўку на люцэрну.

Актыўная нарыхтоўка кармоў зараз вядзецца каля вёскі Ішчална. Рэйс за рэйсам зялёную масу з поля вывозяць вадзіцелі на МАЗах. Сярод іх – кіроўца Аляксандр Шмукста, які працуе ў гаспадарцы дванаццаты год.

– Апошнія пяць гадоў працую на выдатнай машыне МАЗ-6501. Я ўвогуле важу розныя грузы: ад арганічных угнаенняў да збожжа. Пасяўная, касавіца, уборка – ва ўсіх этапах жыцця гаспадаркі прымаю актыўны ўдзел. У 2020 годзе перавёз 3700 тон збожжа. Летась перавёз 8700 тон кармоў. Я мясцовы чалавек, родам з Вялікага Мажэйкава. Прыйсці працаваць у сельскую гаспадарку было маім свядомым выбарам, на які паўплывала сям’я. Яшчэ мой дзед працаваў вадзіцелем у калгасе, дзядзька таксама працуе на грузавой машыне, ды і бацька ў свой час быў механізатарам. Таму, можна сказаць, вырашыў працягнуць нашу сямейную дынастыю. Праца добрая, мне падабаецца. Зараз заняты з васьмі да васьмі, ва ўборачную кампанію будзем праводзіць у дарозе больш часу, каб хутчэй убраць хлеб. Умовы для працы нам стварылі добрыя, зарплатай не крыўдзяць, застаецца толькі старацца.

Пытанне нарыхтоўкі якасных кармоў для буйной рагатай жывёлы – актуальнае для саўгаса “Вялікае Мажэйкава”. Пагалоўе гаспадаркі складае больш за 4300 адзінак, з якіх 1200 – каровы, але хутка ў гэтай статыстыцы адбудуцца змены.

– У нашай гаспадарцы пачынаецца будаўніцтва новага малочна-таварнага комплексу, што прывядзе да павелічэння пагалоўя буйной рагатай жывёлы. Будуць створаны палепшаныя ўмовы для ўтрымання кароў і цялушак. Таксама павялічыцца і прадуктыўнасць вытворчасці малака, яна стане больш рэнтабельнай, за кошт чаго атрымаецца павялічыць матэрыяльны дабрабыт гаспадаркі, – заўважыў дырэктар Пётр Роўба.

Акрамя корманарыхтоўкі ў саўгасе “Вялікае Мажэйкаве” заканчваецца падкормка кукурузы. Не за гарамі і ўборачная кампанія, таму мясцовыя аграрыі старанна рыхтуюць тэхніку, зернесушыльную гаспадарку і склады да прыёму ўраджаю збожжа. У сувязі з надвор’ем сёлета брацца за ўборку плануецца на дзесяць дзён раней, чым летась. Пачынаць убіраць ураджай мажэйкаўскія аграрыі будуць з азімага ячменю. Усяго ў гэтым годзе тут плануюць сабраць ураджай збожжа на плошчы каля 1560 гектараў. Для гэтых мэтаў у гаспадарцы маецца 6 укамплектаваных экіпажамі зернеўборачных камбайнаў.

Алег ШЫШЛОЎСКІ.
Фота аўтара.

Новости республики, региона и района

Новости Беларуси|БелТА
БЕЛАРУСЬ СЕГОДНЯ
Гродненская правда
Щучинская районная газета Дзянница

Поиск по сайту