14.01.2025

    Загадчык вытворчага ўчастка РУСП “Саўгас “Вялікае Мажэйкава” Валерый Янкоўскі быў адзначаны медалём “За працоўныя заслугі”. Высокую ўзнагароду яму ўручыў прэм’ер-міністр Рэспублікі Беларусь Раман Галоўчанка па даручэнні Прэзідэнта краіны.

    Працоўны стаж Валерыя Пятровіча налічвае больш за 40 гадоў, большасць з якіх ён прысвяціў менавіта саўгасу “Вялікае Мажэйкава”. Сам Валерый Янкоўскі родам з вёскі Зенявічы Васілішкаўскага сельсавета. Пасля вучобы ў Гурнофельскай школе паступіў у Навагрудскі сельгастэхнікум. Па размеркаванні паехаў на працу ў Круглянскі раён Магілёўскай вобласці. Потым былі два гады службы ў войску і вяртанне на родную Шчучыншчыну, у Астрыну, адкуль у 1987 годзе перайшоў працаваць у Вялікае Мажэйкава. Акрамя таго, Валерый Янкоўскі завочна скончыў Ленінградскі сельскагаспадарчы інстытут.

– Шмат чаго змянілася ў сельскай гаспадарцы за гэтыя гады, – расказвае Валерый Пятровіч. – Павялічылася эфектыўнасць працы. Але найбольшыя змены адбыліся ў тым, што ў наш час усё менш становіцца механізатараў і іншых работнікаў. Гэта і нядзіўна, бо з кожным годам памяншаецца насельніцтва вёсак. Таму тэндэнцыі зараз такія, што тэхніка паступова замяняе людзей. Зараз мы маем сучасныя моцныя трактары, камбайны і касілкі, таму і атрымліваецца з кожным годам павышаць паказчыкі.

Як адзначыў наш суразмоўца, мінулы год стаў даволі паспяховым для саўгаса “Вялікае Мажэйкава”. Аграрыі добра спрацавалі, павялічылі паказчыкі па вытворчасці збожжа і рапсу ў параўнанні з мінулым годам і прыбавілі па малаку.

– Быў рады, што мяне заўважылі і адзначылі ўзнагародай, – гаворыць Валерый Янкоўскі. – Атрымаць медаль і паціснуць руку прэм’ер-міністру, вядома ж, прыемна. Але разам з тым трэба памятаць, што медаль – гэта ўзнагарода ўсяго калектыву нашага прадпрыемства. Ні для каго не сакрэт, што сельская гаспадарка – гэта калектыўная праца. Адпаведна дасягненні і высокія паказчыкі трэба лічыць агульнай заслугай усіх нашых работнікаў, якія штодня працуюць на карысць сваёй Радзімы.

Алег ШЫШЛОЎСКІ.
Фота аўтара.

Новости республики, региона и района

Новости Беларуси|БелТА
БЕЛАРУСЬ СЕГОДНЯ
Гродненская правда
Щучинская районная газета Дзянница

Поиск по сайту